Федэрыка Феліні
Артыкул вымагае праверкі арфаграфіі Удзельнік, які паставіў шаблон, не пакінуў тлумачэнняў. |
Федэрыка Феліні | |
---|---|
італ.: Federico Fellini | |
Дата нараджэння | 20 студзеня 1920[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 31 кастрычніка 1993[2][4][…] (73 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | Італія |
Жонка | Джульета Мазіна |
Адукацыя | |
Прафесія | кінарэжысёр, сцэнарыст |
Кар’ера | 1945—1992 |
Узнагароды |
«Оскар» (1956, 1957, 1963, 1974, 1993) |
IMDb | 0000019 |
federicofellini.it | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Федэры́ка Фелі́ні (італ.: Federico Fellini; 20 студзеня 1920 — 31 кастрычніка 1993) — італьянскі рэжысёр. Уладальнік пяці прэмій «Оскар» і «Залатой пальмавай галіны» Канскага кінафестываля.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Раннія гады
[правіць | правіць зыходнік]Федэрыка Феліні нарадзіўся 20 студзеня 1920 года ў Рыміні. Яго бацькі, Урбана Феліні (1894—1956) і Іда Барбіяні (1896—1984), пабраліся шлюбам у 1918 годзе ў Рыме, пасля чаго пераехалі ў Рыміні, дзе бацька пачаў працаваць каміваяжорам. У сям’і было яшчэ двое дзяцей: Рыкарда (1921—1991) і Марыя Мадалена (1929—2002).
Федэрыка рос хваравітым дзіцем. У дзяцінстве Феліні любіў ставіць спектаклі: рабіў маскі, размалёўваў лялек, шыў касцюмы. Вельмі ўразіў яго цырк, які прыехаў на гастролі.
Адукацыю Федэрыка атрымаў класічную, скончыў манастырскую школу ў Фаа. У 1937 годзе ён пераехаў ва Фларэнцыю, дзе вучыўся на рэпарцёра, падзарабляў карыкатурыстам у фірме «Феба» свайго прыяцеля Дэмаса Баніні. У 1938 годзе Феліні прыехаў у Рым. Жыў недалёка ад вакзала, у мэбляваных пакоях, суседнічаў з гандлярамі-кітайцамі, злодзеямі і прастытуткамі. За сваю худнечу Федэрыка атрымаў мянушку «Гандзі». У гэты час ён зарабляў на жыццё малюнкамі для газет і часопісаў, пісаў тэксты для вар’етэ, рэкламы і невялікіх радыёпастановак.
У 1938—1942 гадах Феліні публікуецца ў знакамітым гумарыстычным часопісе «Марк Аўрэлій», вядомым сваім антыфашызмам. Каля сямісот яго твораў убачылі свет, перш чым яму прапанавалі пісаць сцэнары.
Ваенныя гады
[правіць | правіць зыходнік]Каб ухіліцца ад службы ў войску, Федэрыка даводзілася сімуляваць хваробы.
У 1943 годзе на адным рымскім радыё гучалі пацешныя перадачы пра жыццё закаханых — Чыка і Паліны, напісаныя Федэрыка Феліні. Неўзабаве яму прапанавалі паказаць гэтыя гісторыі на экране, і Феліні ўзяў на сябе пастаноўку. Адной з выканаўцаў была чароўная Джульета Мазіна. Яна і стала адзінай жонкай Федэрыка Феліні. Ён зваў яе сваёй галоўнай крыніцай натхнення.
Праз некалькі тыдняў пасля вяселля Джульета зацяжарыла, але з-за выпадковага падзення ў яе здарыўся выкідак. У сакавіку 1945 года ў Феліні нарадзіўся сын, які быў названы ў гонар бацькі. Але маленькі Федэрыка быў вельмі слабым і праз два тыдні пасля нараджэння памёр. Больш дзяцей у сям’і Феліні не было.
Творчыя гады
[правіць | правіць зыходнік]Калі ў Рым увайшлі саюзныя войскі, Феліні са сваім сябрам гандляваў ў невялікай крамцы шаржамі на пераможцаў. Аднойчы да іх зайшоў Раберта Раселіні. Ён збіраўся зняць кароткаметражку пра дона Маразіні — рымскага святара, расстралянага немцамі. Феліні пашырыў тэму і разам з Серджа Амідэі і Раберта Раселіні напісаў сцэнар да фільма «Рым, адкрыты горад». Поспех быў грандыёзны. Фільм паклаў пачатак неарэалізму. Федэрыка стаў вядомым сцэнарыстам. Феліні напісаў яшчэ некалькі сцэнараў, прыкладам, да фільма Раберта Раселіні «Пайза». Таксама Феліні здымаецца ў 1948 годзе ў Раселіні ў стужцы «Любоў».
У 1950 годзе Федэрыка ставіць свой першы фільм разам з Альберта Латуада пад назвай «Агні вар’етэ». Феліні напісаў сцэнар да новага фільма «Белы шэйх» (1952), рэжысёрам якога павінен быў стаць Антаніёні, але той адмовіўся здымаць па такім сцэнары. Таму Феліні зняў фільм сам. Поспеху гэты фільм не меў, але наступныя два — «Мамчыны сынкі» і «Любоў у горадзе» (абодва — 1953 года) былі прынятыя публікай і крытыкамі цяплей. «Мамчыны сынкі» атрымаў прэмію «Срэбны леў» на Венецыянскім кінафестывалі 1953 года і быў намінаваны на прэмію «Оскар» за найлепшы арыгінальны сцэнар.
Дарога
[правіць | правіць зыходнік]У 1949 годзе Федэрыка Феліні напісаў сцэнар да фільма «Дарога», але ніяк не мог знайсці сродкі для здымак. Калі прадзюсар быў знойдзены, Феліні працаваў з канца 1953 года да вясны 1954 года, большую частку ён здымаў на прыродзе. У галоўных ролях Федэрыка зняў сваю жонку Джульету Мазіну і акцёра Энтані Куіна. Пасля працы над гэтым фільмам у Федэрыка Феліні здарыўся псіхічны надлом, якi сам рэжысёр пазней назваў «Чарнобыль душы». Фільм атрымаў больш пяцідзесяці ўзнагарод, у ліку якіх «Срэбны леў» на Венецыянскім кінафестывалі і прэмія «Оскар» 1957 года за найлепшы фільм на замежнай мове. Дзіўны па сіле і таленавітасці твор італьянскага рэжысёра азначаў адыход ад рэалізму ў бок сімвалічнай прыпавесці; з’яўляецца безумоўным кінематаграфічным шэдэўрам і сёння. Фільм меў камерцыйны поспех, што дазволіла сям’і Феліні купіць добрую кватэру ў Паролі, фешэнэбельным зялёным раёне Рыма.
Ночы Кабірыі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля менш вядомай стужкі «Махляры» (1955) Феліні стварае яшчэ адзін шэдэўр — «Ночы Кабірыі» (1957).
У жаласнай дабрыні і трагічнай даверлівасці гераіні фільма (яе іграла Джульета Мазіна) Феліні шукаў нейкі містычны сэнс вечнага змагання Дабра і Зла.
Салодкае жыццё
[правіць | правіць зыходнік]Вяршыняй творчасці Федэрыка Феліні стаў фільм 1960 года «Салодкае жыццё». Філасофская прыпавесць пра італьянскае грамадства, якое перажывае «эканамічны цуд» пасля некалькіх гадоў галечы. Феліні хацеў паказаць, як бестурботнае, пустое, бессэнсоўнае жыццё, у якім пануюць адзінота, адчужэнне, раз’яднанне людзей. Сам Феліні не згаджаўся з тым, як трактавалі назву яго фільма. Рэжысёр меў на ўвазе, што жыццё складаецца з чароўных імгненняў, якія хочацца піць, як салодкае віно. Але многія ўспрынялі фільм як выклік грамадству. Хіба можна аддавацца празмернасцям, калі вакол гэтулькі беднякоў? Але Феліні спрабаваў вытлумачыць, што саладосць жыцця даступная кожнаму, трэба проста ўмець яе распазнаць.
У Ватыкане да карціны паставіліся негатыўна, найбольшае абурэнне выклікала сцэна са стрыптызам. Газета L’Osservatore Romano пераназвала фільм у «Агіднае жыццё» і змяшчала адзін за адным разгромныя артыкулы, патрабуючы яго забараніць, а кожнага, хто яго паглядзіць, адлучваць ад царквы.
5 лютага 1960 года на прэм’еры ў Капітэль дэ Мілан адзін з гледачоў плюнуў рэжысёру ў твар. Сцвярджаюць, што ў той вечар ён і Мастраяні ледзь уніклі лінчавання. Героя Марчэла звалі п’яніцай, распуснікам, дармаедам… Нехта прапанаваў фільм спаліць, а Феліні пазбавіць італьянскага грамадзянства. Аднак поспех «Салодкага жыцця» ў дэмакратычных пластоў Італіі і за мяжой прымусіў апанентаў замоўкнуць. Вельмі хутка «Салодкае жыццё» назвалі знакам вялікай эпохі ў італьянскім кіно.
Карціна атрымала «Залатую пальмавую галіну» на кінафестывалі ў Канах і значна ўплыла на кінематаграфістаў свету. У гэтым фільме цудоўную акторскую iгру паказаў Марчэла Мастраяні, пасля чаго ў яго з Федэрыка складаецца на ўсё жыццё сяброўства і супраца.
«Марчэла і я — гэта адно цэлае», — сцвярджаў Феліні.
Бакача-70
[правіць | правіць зыходнік]У 1962 годзе выйшаў фільм адразу чатырох рэжысёраў — «Бакача-70». Спрабуючы ўзнавіць дух «Дэкамерона», кожны рэжысёр зняў навелу, якая з’яўляецца скончаным фільмам у фільме.
Восем з паловай
[правіць | правіць зыходнік]Наступная, шмат у чым аўтабіяграфічная карціна «Восем з паловай» (1963) атрымала мноства прэмій, у тым ліку «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове і Галоўны прыз на міжнародным кінафестывалі ў Маскве, дзякуючы якому Феліні ўпершыню наведаў Савецкі Саюз.
Марчэла Мастраяні, праца якога ў фільме стала неперасягненым шэдэўрам, iграў самога Феліні: яго нуду, турботу, сумневы, сталыя пошукі праўды і жах штодзённасці, «яго адчуванне крызісу жыцця, пустой мішуры балагана і магію творчых ператварэнняў».
Джульета і духі
[правіць | правіць зыходнік]Фільм «Джульета і духі» (1965) быў задуманы дзеля Джульеты і пра Джульету. Феліні выношваў яго вельмі доўга, яшчэ з часоў «Дарогі». Выканаўцы галоўных роляў — Марыа Пізу і Мазіна — сыгралі тонка, пераканаўча, па-майстэрску, аднак фільм не выклікаў захаплення ні ў крытыкаў, ні ў гледача. Фільм прынёс Феліні нямала клопатаў: падатковыя органы звінавацілі яго ў фінансавых парушэннях. Суд пастанавіў, што ён павінен даплаціць у касу дзяржавы 200 тысяч долараў. Нягледзячы на тое, што прысуд быў увачавiдкi несправядлівы, Федэрыка яму падпарадкаваўся і разам з Джульетай перабраўся з шыкоўных апартаментаў у сціплую кватэру.
Тры крокі ў трызненні
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку 1967 года Феліні апынуўся ў лякарні, прытым ён думаў, што вось-вось памрэ, нагэтулькi моцны быў боль у грудзях. Але гэтым разам абыйшлося. Федэрыка пісаў, што жыццё для яго стала больш важным і каштоўным: «Сустрэча са смерцю мне давяла, як моцна я прывязаны да жыцця».
У 1968 годзе Феліні разам з Луі Малем і Ражэ Вадзімам экранізуе творы Эдгара Алана По «Духі смерці» (ці «Тры крокі ў трызненні»).
Рым
[правіць | правіць зыходнік]У 1969 годзе з’явілася карціна «Сатырыкон» — грандыёзная містэрыя, якая ўзнавіла на экране магічны свет Рымскай імперыі часоў заняпаду. Праз два гады з’явілася камедыя «Блазны»
Федэрыка часта задавалі пытанне, што для яго значыць Рым. Замест адказу ён зняў «Рым» (1972). Фільм прасякнуты светлым пачуццём свята, феерыі, чароўнай казкі, у якой пераплеценыя ўласныя ўспаміны рэжысёра, уражанні ад прачытаных кніг і ўбачаных спектакляў, рэпартажна знятыя кадры вуліц і завулкаў Рыма.
Амаркорд
[правіць | правіць зыходнік]Наступны фільм Феліні «Амаркорд» (1973, прэмія «Оскар») таксама расказваў гісторыі пра горад, але зараз гэта быў Рыміні, горад яго дзяцінства. Сцэнар ён напісаў разам з паэтам Таніна Гуэрам. У карціне шмат смешных персанажаў і камічных сітуацый. На мясцовым дыялекце Рамані «амаркорд» азначае прыблізна «я ўспамінаю». Гэта і ёсць таемны ключ да творчасці Феліні, які ўжо ўзышоў на вяршыню славы, — патрэба акунуцца ў свет свайго дзяцінства.
Федэрыка падабалася вадзіць машыну. У яго быў выдатны «Ягуар», потым ён набыў «Шэўрале», крыху пазней «Альфа-Рамеа». Напачатку 1970-х пад колы яго аўтамабіля ледзь не трапіў хлопчык на ровары. На шчасце, юны парушальнік правілаў адкараскаўся лёгкім спалохам, але ўзрушаны Феліні тут жа за бесцань прадаў машыну нямецкаму турысту, а сам з тых часоў за руль больш не сядаў і аддаваў перавагу пешым прагулянкам.
Казанова Феліні
[правіць | правіць зыходнік]Яго новы фільм «Казанова Федэрыка Феліні» (1976) — вольнае пераасэнсаванне мемуараў знакамітага авантурыста XVIII стагоддзя. Фільм выклікаў расчараванне ў часткі крытыкаў і гледачоў, ці з-за незадаволенасці трактоўкай постаці Казановы, ці фантазіяй Феліні. Рэжысёр з неахвотай узяўся за пастаноўку і пазней прызнаваўся, што Казанова выклікае ў яго агіду, а мемуары «знакамітага палюбоўніка» здаюцца тэлефоннай кнігай.
Рэпетыцыя аркестра
[правіць | правіць зыходнік]Тэлестужку «Рэпетыцыя аркестра» (1978) Феліні зняў за шаснаццаць дзён. Яшчэ шэсць тыдняў пайшло на мантаж і агучванне. Гэта стужка на рэдкасць простая па сваёй сюжэтнай арганізацыі. Гэты фільм-прыпавесць выклікаў лавіну рэцэнзій і водгукаў у італьянскім друку, прытым кожны тлумачыў яго па-свойму.
Познія гады
[правіць | правіць зыходнік]У 1980-х гадах Феліні паставіў чатыры фільмы. У 1980 годзе выйшла драма «Горад жанчын» з Мастраяні ў галоўнай ролі. Вар’яцтва, але шчырае і напоўненае асабістымі перажываннямі, адчуваннямі, выявамі і метафарамі. Тэма сур’ёзная, а знята лёгка, з іроніяй.
Прыпавесць 1983 года «А карабель плыве...». Узяты гістарычны факт, рэальныя героі, але ўсё сыграна значна ямчэй за простую падзею з гісторыі, дзе замяшаны i чалавечыя адносіны, і палітыка, і адносіны паміж рознымі пластамі грамадства.
«Джынджэр і Фрэд» (1986) пра італьянскіх танцораў Фрэда (Мастраяні) і Джынджэр (Мазіна), якія капіявалі знакамітую на ўвесь свет амерыканскую пару Фрэда Астэра і Джынджэр Роджэрс, а таксама спавядальнае «Інтэрв’ю» (1987), у якім Мастраяні вяртаецца разам з Анітай Экберг у «Салодкае жыццё».
У сваёй апошняй карціне «Голас Месяца» (1990) паводле аповесці Эрмана Кавацоні рэжысёр прэзентаваў свет з пункту гледжання бяскрыўднага вар’ята, які толькі што выйшаў з псіхлякарні.
Смерць
[правіць | правіць зыходнік]У сакавіку 1993 года рэжысёр атрымаў ганаровага «Оскара» за ўнёсак у кінамастацтва. 30 кастрычніка Федэрыка і Джульета Мазіна збіраліся адсвяткаваць у коле сяброў залатое вяселле, аднак 15 кастрычніка Феліні шпіталізавалі з інсультам. 31 кастрычніка, праз 50 гадоў і адзін дзень пасля вяселля з Джульетай, Феліні сканаў.
Калі Італія хавала вядомага рэжысёра, рух у Рыме быў спынены. Шматтысячны натоўп выпраўляў жалобны картэж апладысментамі па дарогах Італіі — ад Рыма да фамільнага склепа сям’і Феліні ў маленькім прыморскім мястэчку Рыміні (дзе майстар і нарадзіўся).
Джульета Мазіна, хворая на рак лёгкіх, перажыла мужа на пяць месяцаў. Перад смерцю 23 сакавіка 1994 года яна выказала жаданне быць пахаванай з фатаграфіяй Федэрыка ў руцэ.
Ушанаванне памяці
[правіць | правіць зыходнік]- Астэроід (5150) Феліні
- Аэрапорт у Рыміні названы ў яго гонар.
Фільмаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Эпізоды ў кінаальманахах
- 1953 — Любоў у горадзе / L’Amore in Citta (эпізод «Шлюбнае агенцтва» / «Agenzia matrimoniale»)
- 1962 — Бакача-70 / Boccaccio '70 (эпізод «Спакушэнне доктара Антоніа» / «Le Tentazioni Del Dottor Antonio»)
- 1968 — Тры крокі ў трызненні / Histoires Extraordinaires (эпізод «Тобі Даміт» / «Toby Dammit»)
Прызы і прэміі
[правіць | правіць зыходнік]- 1957 — Прэмія «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове («Дарога»)
- 1958 — Прэмія «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове («Ночы Кабірыі»)
- 1960 — «Залатая пальмавая галіна» Канскага кінафэсту за фільм «Салодкае жыццё»
- 1963 — Галоўны прыз Маскоўскага кінафестывалю за фільм «Восем з паловай»
- 1964 — Прэмія «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове («Восем з паловай»)
- 1966 — Прэмія «Залаты Глобус» за фільм «Джульета і духі»
- 1976 — Прэмія «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове («Амаркорд»)
- 1977 — Оскар за найлепшы дызайн касцюмаў у фільме «Казанова»
- 1978 — Прэмія BAFTA за фільм «Казанова»
- 1985 — Ганаровы залаты леў Венецыянскага кінафестывалю за ўнёсак у кінамастацтва
- 1987 — Залаты прыз Маскоўскага кінафестывалю за фільм «Інтэрв’ю»
- 1990 — Імператарская прэмія (Японія)
- 1993 — Ганаровы Оскар «За ўнёсак у кінамастацтва»
Зноскі
- ↑ а б Феллини Федерико // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ а б Federico Fellini
- ↑ а б Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
- ↑ Federico Fellini // Internet Broadway Database — 2000. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ https://riminiturismo.it/visitatori/scopri-il-territorio/arte-e-cultura/monumenti-alla-memoria/cimitero-monumentale-di-rimini
- ↑ https://bbcc.regione.emilia-romagna.it/pater/loadcard.do?id_card=152363
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бачелис Т. Феллини. — Москва: Наука, 1972. — 384 с.
- Федерико Феллини. Делать фильм / Пер. с ит. и коммент. Ф. М. Двин. — Москва: Искусство, 1984. — 287 с.
- Федерико Феллини. Феллини о Феллини : статьи, нтервью, воспоминания, сценарии: «8/1/2», «Рим», «Джинджер и Фред». — Москва: Радуга, 1984. — 487 с. — ISBN ISBN 5-05-002304-1.
- Федерико Феллини, Шарлотта Чэндлер. Мой трюк — режиссура. — Радуга. Архівавана 5 студзеня 2012.
- Костанцо Костантини. Феллини. — Молодая гвардия, 2009. — 271 с. — (ЖЗЛ). — 3 000 экз. — ISBN 978-5-235-03156-2.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Федэрыка Феліні на сайце «Internet Movie Database» (англ.)
- Фонд Феліні Афіцыйны сайт Фонду Федэрыка Феліні (італ.)
- Федерико Феллини Архівавана 6 лютага 2007. на сайте film.ru
- Федерико Феллини — Биография, фильмография на Oldcinema Архівавана 29 красавіка 2009.
- Фильмы Федерико Феллини на сайте InoeKino.ru
- Интервью с Феллини
- Карикатуры Феллини Архівавана 8 лістапада 2014.
- Фотогалерея Федерико Феллини и Джульетты Мазины Архівавана 18 кастрычніка 2010.
- Феллини на церемонии награждения на YouTube
- Сайт о Федерико Феллини
- Валерий Кичин. Фильм о Феллини прошел в полупустом зале . Российская газета (6 сентября 2013). Праверана 3 верасня 2013.
- Асобы
- Нарадзіліся 20 студзеня
- Нарадзіліся ў 1920 годзе
- Нарадзіліся ў Рыміні
- Памерлі 31 кастрычніка
- Памерлі ў 1993 годзе
- Памерлі ў Рыме
- Пахаваныя ў Эмілія-Раманьі
- Выпускнікі Рымскага ўніверсітэта
- Кінарэжысёры паводле алфавіта
- Кінарэжысёры Італіі
- Кінарэжысёры XX стагоддзя
- Сцэнарысты паводле алфавіта
- Сцэнарысты Італіі
- Сцэнарысты XX стагоддзя
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна «За заслугі перад Італьянскай Рэспублікай»
- Лаўрэаты Імператарскай прэміі Японіі
- Памерлі ад інсульту
- Лаўрэаты прэміі «Оскар»
- Лаўрэаты прэміі BAFTA
- Лаўрэаты ганаровай прэміі «Оскар»